1 сакавіка стартуе рэспубліканская акцыя МНС «Дзень бяспекі. Увага ўсім!»

28.02.2022

У наша стагоддзе навуковых тэхналогій і распрацовак у свеце ўсё больш і больш адбываецца тэхнагенных аварый. Пры такіх надзвычайных сітуацыях існуе пэўны алгарытм дзеянняў, які неабходна ведаць кожнаму чалавеку.

У рамках рэспубліканскай акцыі «Дзень бяспекі. Увага ўсім!», якая стартуе 1 сакавіка, прапагандысты МНС будуць навучаць правільна паводзіць сябе ў выпадку надзвычайнай сітуацыі, а таксама правільна дзейнічаць па сігнале «Увага ўсім!».

З 1 па 11 сакавіка для навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў пройдзе першы этап акцыі. З вучнямі школ, гімназій і ліцэяў работнікі прапаганды адпрацуюць планы эвакуацыі, а таксама раскажуць аб дзеяннях па сігнале «Увага ўсім!». Дарэчы, пачуўшы сігнал «Увага ўсім!», уключыце тэлевізар, радыёпрыёмнiк і праслухайце паведамленне. У інфармацыі будзе перадавацца экстранае паведамленне аб надзвычайнай сітуацыі і ўсе неабходныя рэкамендацыі для наступных дзеянняў. У гульнявой форме прапагандысты правядуць інтэрактыўныя заняткі па бяспецы, квэст і анлайн-гульні: «Пажарная лабараторыя», «Надзвычайная сітуацыя», «Крокі выратавання». Таксама работнікі МНС паразмаўляюць са старшакласнікамі аб маючым адбыцца выбары ВНУ і раскажуць дзецям аб прафесіі ратавальніка.

Другі этап акцыі, які пройдзе з 14 па 18 сакавіка, будзе накіраваны на жыхароў інтэрнатаў, працоўныя калектывы, а таксама жыхароў населеных пунктаў. Прапагандыстам МНС важна максімальна ўцягнуць аўдыторыю і пачуць асабістыя развагі насельніцтва аб бяспецы. Так, новы інтэрактыўны праект ад МНС «Фактары бяспекі» прымусіць задумацца аб прычынах узнікнення пажараў і прадаставіць магчымасць самім грамадзянам знайсці на фота і пералічыць фактары, якія садзейнічаюць узнікненню пажараў.

У месцах правядзення сустрэч перад пачаткам мерапрыемства прапагандысты арганізуюць і іншыя інтэрактыўныя пляцоўкі: выстава згарэўшых электрапрыбораў і хатняга начыння, «SOS» - аказанне першай дапамогі, «Небяспекі ў кватэры», «Бяспечная эвакуацыя», «Правілы паводзін у натоўпе», «Эвакуацыйныя знакі». У дадатак да такога ўзаемадзеяння з аўдыторыяй будуць выкарыстоўвацца ўсімі любімыя формы працы: «Сакрэт бяспекі», «Фактары бяспекі», «Пажарная лабараторыя» і анлайн-гульня «Крокі выратавання».

Дапамагаць ратавальнікам у правядзенні акцыі будуць актывісты гарадскога аддзялення БМААСП, студэнты ВНУ, ССНУ і прадстаўнікі іншых зацікаўленых арганізацый, каб, аб'яднаўшы намаганні, эфектыўна данесці правілы бяспекі людзям.

Удзельнічайце ў мерапрыемствах ад ратавальнікаў! Бо захаванне асноўных правілаў пажарнай бяспекі - залог вашага дабрабыту.

Грэк Раман

інспектар сектара прапаганды

і ўзаемадзеяння з грамадскасцю

Наваполацкага ГАНС

Падзяліцца:
Інтэрнэт-рэсурсы