Як не разбіць «сэрца дома». Важныя правілы бяспекі пры абыходжаннi з печчу!

15.11.2021

Печ - адзін з найважнейшых атрыбутаў прыватнага дома. Нашы продкі не без падстаў лічылі, што менавіта яна - «сэрца дома» і «карміцелька». На ёй гатавалі сняданак, абед і вячэру на вялізныя сем'і. Дзякуючы печцы мыліся, мылі, лячылі хваробы. Пра яе складалі знакамітыя казкі, байкі, вершы.

І зараз без яе немагчыма ўявіць утульную дачу ці дом у ціхай вёсцы. Ачаг прыцягвае да сябе не толькі ўсю сям'ю, але і суседзяў, якія жадаюць правесці камфортны вечар разам з размовамі аб жыцці. Печка сагравае не толькі сваёй атмасферай, нейкай казачнасцю, камфортам, але і цеплынёй ад спальвання дроў і тлення вугаля. Такая «магія» дапамагае сагрэцца пасля суровых маразоў, правесці дзень з камфортнай тэмпературай і не змерзнуць ноччу.

З ёй, як і з усімі складанымі і важнымі рэчамі, таксама трэба ўмець абыходзіцца. Абыякавасць пры ўсталёўцы і выкарыстанні агменю можа прывесці да самых сумных наступстваў. Трэба сказаць, што пажары з-за парушэння правілаў бяспекі - рэч нярэдкая. Дарагі рамонт і нават страта дома, апёкі і траўмы, чалавечыя трагедыі нярэдка фігуруюць у адным абзацы з цёплым словам «печ» у зводках ратавальнікаў. Наступныя некалькі абзацаў - толькі самая базавая інфармацыя для тых, хто шануе сваё здароўе і жыцці сваіх блізкіх.

Нават калі на двары надвор'е такое, быццам у Сібіры ў самыя халодныя дні, трэба даваць печцы перадыхнуць. Тапіць два-тры разы на дзень, не больш за паўтары гадзіны - гэта дазволіць печцы пазбегнуць перакалу. І гэта толькі першы крок насустрач добрым адносінам з «карміцелькай».

Далей - яе трэба рэгулярна абслугоўваць. Ёсць выдатная рада - пабяліце яе вапнавым растворам. Гэта робіцца не толькі для прыгажосці і эстэтыкі. Дзякуючы такому метаду можна своечасова заўважыць трэшчыны, якія з'яўляюцца з часам. Комін трэба прачышчаць ад сажы не менш за адзін раз у два месяцы.

Варта ведаць пра два неабходныя «аксэсуары». Прадтопачны ліст дапаможа выпадкова выпаўшым вуглям не падпаліць вам хату, а такая металічная прынада павінна быць памерамі не меней 50х70 см. Яшчэ трэба не забываць пра правільнае выкарыстанне «юшкі» - засланкі, якая пры дрэннай памяці можа прывесці да атручвання ўгарным газам.

Пры падпалцы карыстайцеся толькі «натуральнымі» матэрыяламі. Трэска, бяроста, пілавінне - усё, як у далёкіх стагоддзях. Гэта менавіта той момант, дзе трэба пабыць кансерватарам – лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці могуць спрасціць працэс не толькі падпалкі, але і раптоўнага ўзгарання вашай дачы.

«Сэрца дома» размяшчайце ўдалечыні ад іншых важных «органаў» вашага ўтульнага гняздзечка. Мэбля павінна знаходзіцца ў паўтара метрах, як і гаручыя матэрыялы. Сушыць адзенне на распаленай печы – таксама дрэнны варыянт, паколькі яно з'яўляецца выдатнай падпалкай для вашай драўлянай падлогі.

Распаленую печ таксама лепш не пакідаць без нагляду. Памятайце, што такое правіла ставіцца да ўсіх «саграваючых» вынаходстваў – абагравальнікаў, радыятараў. Сачыце за топачнымі дзверцамі, калі яны адчынены - гэта заклад вечара «з агеньчыкам».

Першачасовае зачыненне засланкі печы таксама можа прывесці да атручвання ўгарным газам, які не мае ні колеру, ні паху і ўтворыцца пры любых відах гарэння. Менавіта таму сканчайце тапіць печ не менш за за дзве-тры гадзіны да адыходу да сну. Пры гэтым заўсёды пераконвайцеся, што вуголле цалкам прагарэла.

Праявіце клопат да вашай печы, і яна абавязкова падорыць вашай хаце цеплыню, выгоду і неацэнны камфортны адпачынак.

Раман ГРЭК,
інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеянні з грамадскасцю
Наваполацкi ГАНС
Падзяліцца:
Інтэрнэт-рэсурсы