Адпачынак з трагічнымі наступствамі

28.06.2023

Цёплае надвор'е, якое ўсталявалася, а таксама наяўнасць дастатковай колькасці вольнага часу спрыяюць таму, што вялікая колькасць людзей наведвае вадаёмы, праводзіць каля іх час, ратуючыся ад спёкі і задухі, у тым ліку і дзеці. Аднак, не ўсе пры гэтым задумваюцца аб небяспецы, якую тоіць у сабе адпачынак у вады, калі занядбаць элементарнымі правіламі бяспекі.

Не заўсёды належным чынам бацькамі ажыццяўляецца кантроль за сваімі дзецьмі падчас адпачынку на берагах рэк і азёр, а нярэдка папушчальніцтва дарослых садзейнічае таму, што дзеці самі ўцякаюць да вадаёмаў. Часцяком такія свавольствы сканчаюцца трагедыяй.

Напрыклад, 17 чэрвеня 2023 года 15-гадовая жыхарка г.Рэчыцы разам з бацькамі і знаёмымі адпачывала паблізу ракі. Адпачывальнікі размясціліся на начлег у намётах. Каля 04 гадзін раніцы маці не знайшла сваю дачку. Апошняя падчас самавольнага начнога купання патанула.

На наступны дзень, 18 чэрвеня 2023 года каля 20 гадзін, супрацоўнікамі МНС падчас пошукавых мерапрыемстваў у кар'еры на тэрыторыі г.Полацка быў знойдзены труп 17-гадовага падлетка, які ў стане алкагольнага ап'янення патануў падчас купання.

19 чэрвеня 2023 года ў абедзенны час 11-гадовы жыхар Мазырскага раёна пайшоў з равеснікамі гуляць на бераг ракі Прыпяць. Дзеці сталі купацца ў неабсталяваным для гэтага месцы, і ў нейкі момант хлапчук стаў тануць. Адзін з сяброў спрабаваў яму дапамагчы, але намаганні вынікаў не прынеслі. Труп дзіцяці быў выняты з ракі ў той жа дзень вадалазамі АСВОД.

20 чэрвеня 2023 года ў Кастрычніцкі РАУС г.Магілёва з аддзела МНС паступіла паведамленне, што ў рацэ Дняпро ў межах г.Магілёва падчас купання патануў непаўналетні 2014 г.н., які знаходзіўся на вадаёме з братам без нагляду бацькоў.

21 чэрвеня 2023 года ў Пастаўскі РАУС паступіла паведамленне аб тым, што падчас пошукавых мерапрыемстваў на возеры Задзеўскае ў г.Паставы работнікамі АСВОД знойдзены і выняты з вады труп 15-гадовай навучэнскай раённай гімназіі. Устаноўлена, што ў гэты дзень дзяўчынка сумесна з непаўналетнімі 2009 і 2010 г.н. знаходзіліся на пляжы, купаліся. У нейкі момант дзіця схавалася пад вадой. Бацькоў, якія маглі б аказаць дапамогу, побач не было.

Практыка паказвае, што ўмовамі, якія спрыяюць падобным няшчасным выпадкам, часта з'яўляецца адсутнасць належнага кантролю з боку бацькоў за баўленнем часу сваіх дзяцей. Суб'ектамі прафілактыкі, рознымі ўстановамі і арганізацыямі прымаюцца меры па папярэджанні гібелі непаўналетніх на вадаёмах, але без удзелу бацькоў ніякія меры не прынясуць належнага выніку. Неабходна растлумачваць сваім дзецям правілы бяспечных паводзін, не пакідаць іх без нагляду, што дасць магчымасць пазбегнуць трагедыі.

Сяргей Шынкевіч,
старшы памочнік
пракурора г.Наваполацка

Падзяліцца:
Інтэрнэт-рэсурсы