Старадаўняя традыцыя вырабу шпакоўняў і іншых гнездзішчаў мела глыбокі сэнс: чалавек не проста дапамагаў птушкам, але праз гэта сам станавіўся бліжэй да прыроды, лепш разумеў сваё спрадвечнае адзінства з ёй. Адначасова святкавалі надыход вясны, сімвалічна пражываючы разам з прыродай абуджэнне ад зімовай спячкі.
Наваполацкая гарадская і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў рамках святкавання Міжнароднага дня птушак запрашае ўсіх неабыякавых прыняць удзел у акцыі дапамогі і добраўпарадкавання месцаў пражывання птушак шляхам вывешвання кармушак і шпакоўняў. Шпакоўні патрэбныя для таго, каб птушкам было прасцей знайсці месца для гнязда. Падтрымліваючы тым самым колькасць птушак у горадзе, мы змяншаем лік драўняных шкоднікаў, якімі яны сілкуюцца, а гэта, у сваю чаргу, абараняе дрэвы. Чым больш дрэваў, тым лягчэй чалавеку жыць і дыхаць у горадзе.