Навапалачане прысягнулі на вернасць Радзіме

19.11.2022

Сёння ваеннаслужачыя з ліку новага папаўнення 377 гвардзейскага зенітнага ракетнага палка прынеслі перад Дзяржаўным флагам Рэспублікі Беларусь і Баявым Сцягам Ваенную прысягу на вернасць народу Рэспублікі Беларусь.

Святочнае мерапрыемства, якое праходзіла на базе 15 зенітнай ракетнай брыгады, пачалося з сустрэчы начальніка зенітных ракетных войскаў камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны палкоўніка Кірыла Казанцава і вынасу Баявога сцяга воінскай часці. Трыццаць сем маладых хлопцаў, пяцёра з якіх навапалачане, пад пільнай увагай родных і блізкіх, далі клятву дастойна выконваць воінскі абавязак, мужна і самааддана абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь. У ходзе правядзення воінскага рытуалу камандзір 377 гвардзейскага зенітнага ракетнага палка гвардыі падпалкоўнік Аляксей Рабінін уручыў ваеннаслужачым нагрудныя знакі "Гвардыя", як сімвал таго, што далейшая іх служба будзе праходзіць у сценах гвардзейскай воінскай часці. Пасля прыняцця Прысягі, вайскоўцаў павіншавалі камандзіры воінскіх часцей, а таксама сваякі і сябры. Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства выкананнем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Усяго ж у розных вайсковых часцях краіны прысягу на вернасць Радзіме прынеслі каля 90 навабранцаў з горада Наваполацка.

Падзяліцца:
Інтэрнэт-рэсурсы