Арганізатарам, удзельнікам і гасцям Міжнароднага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні "Халі-Хало"

11.11.2022

Дарагія сябры! Ад імя Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сардэчна вітаю вас на Міжнародным конкурсе юных выканаўцаў эстраднай песні "Халі-Хало".

Ва ўсе часы эстрадная песня з'яўлялася музыкай маладосці, служыла невычэрпнай крыніцай стваральнай энергіі. Менавіта таму фестываль юных выканаўцаў зарадзіўся ў Наваполацку - адным з самых маладых і перспектыўных гарадоў нашай краіны. Конкурс узбагачае палітру культурнага жыцця Беларусі, па праве карыстаецца славай папулярнага і прэстыжнага творчага праекта. Ён збліжае і аб'ядноўвае маладыя здольнасці, садзейнічае развіццю іх прафесійнага майстэрства і эстэтычнага густу, уносіць значны ўклад у захаванне і развіццё эстраднага жанру.

Слоў вялікай удзячнасці заслугоўваюць арганізатары мерапрыемства, дзякуючы якім маладое пакаленне атрымлівае ўнікальны шанц раскрыць шматгранныя таленты, прадэманстраваць шырокай публіцы свае вакальныя навыкі, падзяліцца з ёй шчырасцю і душэўнай цеплынёй.
Упэўнена, што цудоўная атмасфера дружбы і ўзаемаразумення, якая заўсёды была ўласцівая гэтым спаборніцтвам, падорыць удзельнікам і гасцям незабыўныя эмоцыі і ўражанні. Няхай і ў далейшым Наваполацк дапамагае адкрываць на творчым небасхіле новыя яркія зоркі, якія ўнясуць дастойны ўклад у культурную скарбніцу нашай краіны і свету.

Жадаю ўсім натхнення, аптымізму, заваявання высокіх эстрадных вяршыняў. Моцнага здароўя, шчасця і ўсяго самага найлепшага вам, вашым родным і блізкім.

 

Н.І. Качанава
старшыня Савета Рэспублікі
Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь

Падзяліцца:
Інтэрнэт-рэсурсы