Нярэдка ў правапрымяняльнай практыцы сустракаюцца выпадкі, калі наркаспажыўцы самі вырошчваюць забароненыя да апрацоўкі нарказмяшчальныя расліны і атрымліваюць з іх наркотык, які ў далейшым ужываюць. Разам з тым, за такія дзеянні прадугледжана крымінальная адказнасць па арт.328 і арт.329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Прыкладам гэтага з'яўляецца крымінальная справа, разгледжаная судом г. Наваполацка ў чэрвені бягучага года.
Пракуратурай г. Наваполацка падтрымана дзяржаўнае абвінавачанне па крымінальнай справе ў дачыненні да 24-гадовага грузчыка аднаго з прыватных прадпрыемстваў, які абвінавачваўся ў незаконным пасеве і вырошчванні раслін, якія змяшчаюць псіхатропныя рэчывы, у мэтах іншага атрымання наркатычных сродкаў, а таксама ў незаконным без мэты збыту захоўванні наркатычных сродкаў.
Навапалачанін выгадаваў не менш за дзве расліны, якія адносяцца да нарказмяшчальных раслін роду канапля. Пасля гэтага зрабіў збор лісця і сцеблаў названых раслін, высушыў іх і часткова здрабніў, атрымаўшы тым самым звыш 75 грамаў гатовай да ўжывання марыхуаны, якую стаў захоўваць па месцы свайго жыхарства. Частку забароненага рэчыва малады чалавек паспеў ужыць асабіста шляхам курэння.
Аднак гэты факт не застаўся без увагі праваахоўнікаў, і ў выніку праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў навапалачанін быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. У яго кватэры быў зроблены агляд, падчас якога быў выяўлены і канфіскаваны небяспечны наркатычны сродак – марыхуана, масай. 75,636 грам. Падчас папярэдняга следства і ў судовым паседжанні абвінавачаны даваў паслядоўныя прызнальныя паказанні, што было ўлічана судом пры вызначэнні меры пакарання за зробленае.
Прыгаворам суда па сукупнасці злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт.328 і ч.1 арт.329 КК Рэспублікі Беларусь, абвінавачанаму прызначана пакаранне ў выглядзе 5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Тэхнічныя ж прыстасаванні, якія выкарыстоўваліся мужчынам для арганізацыі вырошчвання забароненых да апрацоўкі раслін, падвергнуты спецыяльнай канфіскацыі.
Прыгавор суда ўступіў у законную сілу.