У рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства падпісана першае пагадненне аб супрацоўніцтве па зніжэнні выкарыстання пластыка

15.04.2022

14 красавіка ў Мінску адбылася важная падзея рэспубліканскага значэння, калі дзяржава і прыватны бізнес, разумеючы праблему негатыўнага ўздзеяння палімераў на стан навакольнага асяроддзя, аб'ядналіся ў справе яго захавання і абароны.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і гандлёвая сетка «Еўраопт» заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве па зніжэнні выкарыстання пластыка. Дакумент у галаўным офісе кампаніі падпісалі Міністр Андрэй Худык і старшыня Савета дырэктараў ТАА «Еўрагандаль» Аляксандр Літвін. На цырымоніі падпісання пагаднення прысутнічаў таксама Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў.

Асноўнымі задачамі Пагаднення з'яўляюцца рэалізацыя шэрагу практычных і арганізацыйных мер, накіраваных на зніжэнне выкарыстання пластыка, у тым ліку пластыкавай упакоўкі з яе замяшчэннем на экалагічна бяспечную (са шкла, паперы, тканіны і інш.), абмежаванне выкарыстання аднаразовага пластыкавага посуду. Акрамя таго, Мінпрыроды і «Еўраопт» аб'яднаюць намаганні ў інфармацыйнай рабоце з грамадскасцю аб шкодным уплыве пластыка на навакольнае асяроддзе і прапагандзе экалагічна дружалюбнага ладу жыцця.

«Еўраопт» стаў першай гандлёвай сеткай краіны, якая заключыла «экалагічнае» пагадненне з Мінпрыроды.

Каментуючы падпісаны дакумент, Андрэй Худык расказаў, што ў адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта і Урада ў Беларусі рэалізуецца план мерапрыемстваў па паэтапным зніжэнні выкарыстання палімернага пакавання, каардынатарам якога з'яўляецца Мінпрыроды.

«Міжнародны вопыт і практыка рэалізацыі нашага плана паказваюць, што важная роля ў зніжэнні выкарыстання пластыка, пластыкавай упакоўкі належыць гандлёвым сеткам. Менавіта яны фармуюць попыт на экалагічна бяспечнае пакаванне, а таксама непасрэдна працуюць як з пастаўшчыкамі, так і з пакупнікамі. Акрамя таго, вытворчасць бяспечнага і біяраскладаемага пакавання з мясцовай сыравіны - гэта стварэнне новых працоўных месцаў, а значыць, далейшае развіццё нашай эканомікі», - падкрэсліў Міністр.

Андрэй Худык адзначыў, што адным з механізмаў удзелу бізнесу ў прыродаахоўнай рабоце з'яўляецца добраахвотнае прыняцце яго прадстаўнікамі пэўных абавязацельстваў. Таму падпісанае пагадненне з'яўляецца прыкладам эфектыўнага дзяржаўна-прыватнага партнёрства, сацыяльнай адказнасці і «экалагізацыі» бізнесу ў кантэксце ўстойлівага развіцця і стварэння «зялёнай» эканомікі.

Па словах кіраўніка прыродаахоўнага ведамства, праблема пластыкавых адходаў востра стаіць ва ўсім свеце:

«Штогод на планеце ўтвараецца больш за 300 мільёнаў тон адходаў з пластыка, які з'яўляецца асноўным забруджвальнікам навакольнага асяроддзя. Бяда яшчэ і ў тым, што ён раскладаецца ў мікрапластык, які трапляе ў харчовыя ланцужкі і наносіць вялікую шкоду ўсяму жывому на Зямлі. Таму невыпадкова гэта тэма абмяркоўваецца і ў грамадстве, і на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў».

Кіраўнік прыродаахоўнага ведамства падсумаваў:

«Чысціня і парадак даўно сталі брэндам нашай рэспублікі, і мы яшчэ больш умацоўваем яго, мінімізуючы колькасць адходаў на тэрыторыі краіны, а яшчэ ўмацоўваем трыадзіную сувязь: чыстае навакольнае асяроддзе - здаровая нацыя - развіццё эканомікі і росквіт Беларусі».

Завяршаючы выступленне, Андрэй Худык запрасіў гандлёвыя сеткі да супрацоўніцтва і аб'яднання намаганняў у прыняцці мер па зніжэнні выкарыстання пластыка, у тым ліку аднаразовага пластыкавага посуду, пластыкавага пакавання з іх замяшчэннем на экалагічна бяспечныя аналагі.

Наваполацкая гарадская

і раённая інспекцыя

прыродных рэсурсаў і

аховы навакольнага асяроддзя

Падзяліцца:
Інтэрнэт-рэсурсы